«Трэба Лукашэнку сказаць, каб загнаў нас у хлеў ды запаліў»: жыхары вёскі Гічыцы абураныя закрыццём крамы

22:04 12 декабря 2017
ОБСУДИТЬ
У розных рэгіёнах Беларусі закрываюцца вясковыя крамы. Спажывецкае таварыства тлумачыць людзям, што ў малых паселішчах краму ўтрымліваць нявыгадна. У некаторых вёсках людзі пратэстуюць, пасля чаго ўлады вымушаныя крамы адкрываць.

Замест стацыянарных гандлёвых пунктаў у малыя вёскі тры разы на тыдзень прыязджаюць аўтакрамы спажывецкага таварыства. Аднак вяскоўцы кажуць, што гэта вельмі нязручна. Сярод іх шмат пенсіянераў, якія мусяць чакаць на холадзе аўтакраму, што прыязджае паводле пэўнага раскладу.

Івацэвіцкі раён. Вяскоўцы пра нерэнтабельнасць крамы: «Плацяць па 200 рублёў пенсіі — што мы за іх можам купляць?»

Карэспандэнты Свабоды наведалі вёску Гічыцы Івацэвіцкага раёну. Тут, за 10 кіламетраў ад райцэнтру, жыве больш за 100 чалавек. Нядаўна тутэйшую краму закрылі.

Калі журналісты падышлі да аўтакрамы, каля якой сабраліся вяскоўцы, старыя людзі пачалі абурацца, апелюючы да Лукашэнкі.

«Трэба Лукашэнку сказаць, каб загнаў нас у хлеў ды запаліў. Ды ня трэба будзе ні пенсію плаціць, нічога… Сто чалавек яшчэ ў сяле, і каб крамы не было!» — скардзіцца бабуля.

Жыхары Гічыц расказалі, што ў вёсцы ёсць і кандыдатура прадавачкі ў краму, яна гатовая працаваць і за невялікія грошы. Але краму ўсё адно закрылі.

«Гэтая прадавачка ў нас рабіла за 90 рублёў і з Яглевічаў [8 км] ездзіла. А ім столькі расходу ідзе на гічыцкую краму, што няма як утрымліваць», — кажа жыхарка Гічыц.

«Пытаюцца: чаму, маўляў, вы нічога не бераце? Дык плацяць па 200 рублёў пенсіі — што мы за іх можам купляць? Макарону, хлеб, батон ды цукар», — абураецца другая пажылая жанчына.

Закрытая крама ў Гічыцах Івацэвіцкага раёну
Закрытая крама ў Гічыцах Івацэвіцкага раёну

Людзі кажуць, што самае неабходнае могуць купіць і ў аўтакраме, якая прыязджае тры разы на тыдзень, але тут ёсць невыгоды.

«І гэта добра. Але не нам, старым, як замяце дарогі, тут стаяць…» — наракае жанчына, якая кажа, што ісці да аўтакрамы ёй каля кіламетра, а потым яшчэ і стаяць пад адкрытым небам.

Пасля закрыцця крамы, кажуць вяскоўцы, у Гічыцах, фактычна не засталося ніякай інфраструктуры — медпункт, клуб ды лазню тут пазакрывалі ўжо даўно.

Бярозаўскі раён. Пасля збору подпісаў краму паабяцалі адкрыць, калі знойдуць прадаўца

У вёсцы Жычын Бярозаўскага раёну пражывае больш за 80 чалавек, у асноўным пенсіянеры. Краму тут закрылі 26 кастрычніка.

Сход наконт закрытай крамы ў вёсцы Жычын Бярозаўскага раёну
Сход наконт закрытай крамы ў вёсцы Жычын Бярозаўскага раёну

Мясцовы дэпутат Першамайскага сельсавету, сябра аргкамітэту партыі БХД Валер Білібуха сабраў подпісы жыхароў Жычына і накіраваў зварот у Бярозаўскі райвыканкам.

«Мы, у большасці пенсіянеры, павінны стаяць на холадзе з хворымі нагамі па некалькі гадзін, каб купіць набор няхітрых прадуктаў. Няўжо мы не заслужылі ў дзяржавы годнага сацыяльнага абслугоўвання?» — запыталіся сяляне.

Мясцовыя ўлады правялі ў Жычыне сход, дзе патлумачылі людзям, што крама закрытая, бо няма кандыдатуры прадаўца.

Отстоять магазин хотят жители деревни Жичин Березовского района. Видео

На сходзе пенсіянеры называлі і яшчэ адну нязручнасць аўтакрамы: «Калі забыўся нешта купіць, то ўжо ня вернешся ды ня купіш».

Аўтакрама ў Жычыне Бярозаўскага раёну
Аўтакрама ў Жычыне Бярозаўскага раёну

Неўзабаве дэпутату Білібуху прыйшоў і адказ з райвыканкаму, дзе патлумачылі, што калі знойдуць прадаўца, то краму адкрыюць.

«Так бы ціхенька ўсё і прайшло б. Закрылі — і ўсё, хадзіце да аўтакрамы. Я ж буду сачыць за сітуацыяй і дабівацца, каб стацыянарная крама ў Жычыне адкрылася», — сказаў Свабодзе Білібуха.

«Магазин в Жичине будет открыт» — депутату Билибухе ответили из Березовского райисполкома

Ганцавіцкі раён. Крама адкрыецца пасля пагрозы сялян ня ўдзельнічаць у выбарах

У Ганцавіцкім раёне пасля закрыцця крамы ў вёсцы Красынічы жыхары склалі зварот у райвыканкам, у якім прыгразілі, што не пойдуць на выбары ў выпадку, калі краму не адкрыюць.

У сітуацыю мусіў умяшацца нават старшыня райвыканкаму Уладзімір Бялоў.

На сходзе мясцовых жыхароў кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства заявіла, што краму закрылі, бо яна не прыбытковая. Сялянам прапаноўвалі пашыраць асартымент тавараў у аўтакраме. Але вяскоўцы стаялі на сваім: «Адчыняйце краму!»

Урэшце старшыня райвыканкаму Уладзімір Бялоў паабяцаў людзям, што крама ў Красынічах адкрыецца наноў 15 снежня.

Афіцыйна: «Колькі будзе закрыта ў найбліжэйшы час гандлёвых абʼектаў — такой лічбы няма»

Як сказала Свабодзе намесніца старшыні «Брэстаблспажыўсаюзу» Ларыса Казлова, кампаніі па закрыцці вясковых крамаў не праводзіцца.

«Наадварот, мы прыкладаем усе намаганні, каб захаваць крамы ў вёсках. Але рэчаіснасць уносіць карэктывы. Калі ўзнікае вострая сітуацыя, то толькі тады гандлёвыя пункты знікаюць, — кажа чыноўніца. — Калі закрываецца стацыянарная крама, мы пераводзім абслугоўванне людзей на аўтакрамы. Мы не пакідаем населеных пунктаў, працягваем гандляваць, абслугоўваць».

Паводле Людмілы Казловай, планаў закрыцця крамаў не існуе. Яна таксама не змагла назваць дакладную лічбу, колькі крамаў было закрыта ў апошні год.

Аўтакрама ў вёсцы Гічыцы Івацэвіцкага раёну
Аўтакрама ў вёсцы Гічыцы Івацэвіцкага раёну

Колькі вясковых крамаў закрылі па краіне?

Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які абʼядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — гэта самая буйная гандлёвая сетка краіны. Летась ёй споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.

Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, развядзеннем каштоўных пародаў пушных звяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, раслінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падраздзяленні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.

Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і змяшанага асартыменту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасці.

704 аўтакрамы дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.

Пытанне Свабоды пра колькасць крамаў, закрытых у Беларусі за апошнія два гады, у Белкаапсаюзе праігнаравалі.

Там паведамілі, што сітуацыю рэгулюе пункт 40 Сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва ў галіне гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, якая зацверджана пастановай Саўміну.

Паводле гэтага дакументу, калі ў вёсцы жыве меней за 200 чалавек, то яе гандлёвае абслугоўванне забяспечваюць аўтакрамы і «іншыя нестацыянарныя гандлёвыя абʼекты» альбо крамы ў бліжэйшых населеных пунктах.

«Аўтакрамы прымаюць папярэднія замовы на тавары. Перыядычнасць і маршруты руху аўтакрамаў узгадняюцца мясцовымі сельсаветамі і райвыканкамамі», — паведамілі ў Белспажыўсаюзе.

У Белкаапсаюзе прывялі такія прыклады ліквідацыі вясковых крам:

  • Бярозаўскае райпо зачыніла адну краму — у вёсцы Карпяшы, дзе жывуць 82 чалавекі.
  • Ганцавіцкае райпо зачыніла адну краму — у вёсцы Новыя Агарэвічы, дзе жыве 91 чалавек.
  • Івацэвіцкае райпо зачыніла 3 крамы — у вёсках Заполле (84 жыхары), Сярадава (100 жыхароў), Кушняры (68 жыхароў).

Аптымізацыя гандлёвай сеткі і карупцыйныя скандалы

У мінулым годзе Свабодзе паведамілі ў Белкаапсаюзе, што больш за 1000 крамаў працуе ў населеных пунктах з колькасьцю жыхароў менш за 100 чалавек. З улікам нізкага абʼёму таваразвароту такіх крамаў і значных выдаткаў на іх утрыманне (будынкі, заработная плата прадаўца, транспартныя выдаткі па дастаўцы тавараў) сярэднямесячныя страты на адзін абʼект складалі ад 5 да 7 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

У Белкаапсаюзе паведамілі, што з прычыны скарачэння вясковага насельніцтва «праводзіцца праца па аптымізацыі стратнай гандлёвай сеткі».

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка ў леташнім пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу заявіў: «Калі Белкаапсаюз не дакажа сваёй дзеяздольнасьці, рыхтуйцеся да сурʼёзнай рэформы».

Рэформа не адбылася, але ўжо сёлета Лукашэнка даў зялёнае святло для сельскай экспансіі кіраўніку ААТ «Тытунь-інвест» і сеткі гіпермаркетаў «Карона» Паўлу Тапузідзісу. Праўда, пры гэтым адзначыў, што «мы не павінны замяняць адну сетку іншай. Бо Белкаапсаюз — гэта сёння развітая структура на сяле».

Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Да яго гэтую пасаду займаў Сяргей Сідзько, якога ў 2015 годзе Вярхоўны суд пакараў за хабар і злоўжыванне ўладай 12 гадамі турмы. У красавіку гэтага году ў Мінску быў затрыманы першы намеснік старшыні Белкаапсаюзу Дзмітрый Баранаў «у рамках расследавання крымінальнай справы аб карупцыі».

Радыё Свабода

КОММЕНТАРИИ ( 0)

ОБСУДИТЬ

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

19 декабря 2017 14:05

В Ивацевичах демонтировали ограждение пандуса у торгового центра

Как сообщили в прокуратуре Брестской области, такие меры были приняты по требованию прокуратуры в целях социальной защиты прав людей с ограниченными возможностями.

12 декабря 2017 08:25

Митинг в память Коли Гойшика состоится в Ивацевичах в честь 100-летия комсомола

12 декабря 2017 года в Брестской области стартует молодежный патриотический проект "Марафон мужества", посвященный 100-летию комсомола. Первый этап Марафона пройдет по территории Ивацевичского района.

05 декабря 2017 11:46

Наводят порядок на фермах в Ивацевичском районе, где коровы стояли по колено в грязи. Видео

После широкого распространения в интернете видео, на котором коровы стоят в грязи в деревнях Житлин, Власовцы и Воля Ивацевичского района, эти фермы посетило районное начальство и там началось наведение порядка.

30 ноября 2017 15:36

Чым пагражае ўтрыманне калгасных кароў у вадзе і гразі? ВІДЭА з фермаў Івацэвіцкага раёну

Журналісты знялі на відэа ўмовы утрымання кароваў на ААТ «Победа» ў вёсках Жытлін і Уласаўцы, а таксама на сельскагаспадарчым участку ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» у вёсцы Воля Івацэвіцкага раёну Брэсцкай вобласьці.