Яшчэ не фермеры, але ўжо зарабляюць на зямлі. Як у Івацэвіцкім раёне развіваюцца прысядзібныя гаспадаркі

15:26 30 января 2018
ОБСУДИТЬ
Праца на ўласнай зямлі не можа быць стратнай. Такой думкі трымаюцца дзясяткі жыхароў Івацэвіцкага раёну, якія займаюцца жывёлагадоўляй і раслінаводствам на прысядзібных участках.

На Палессі ў Пінскім і Столінскім раёнах вяскоўцы ўжо не адзін дзясятак гадоў працуюць на сябе — вырошчваюць гародніну ў парніках на продаж. Прыклад з палешукоў бяруць і ў Івацэвіцкім раёне. Тут усё болей вяскоўцаў вядуць гаспадарку на прысядзібных участках.

Праўда, ахвочых стаць фермерамі не так шмат. Замест гэтага вяскоўцы рэгіструюць асабістыя прысядзібныя гаспадаркі, пад што могуць атрымаць некалькі гектараў зямлі. Пры гэтым гаспадары не мусяць весці бухгалтарскі ўлік, што патрабуецца ад фермераў.

Гаспадары неахвотна дэманструюць свае гаспадаркі. Прычына найперш у сістэме абавязковай ідэнтыфікацыі жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання. Чыноўнікі хочуць, каб спажывец мог прасачыць паходжанне сельскагаспадарчай прадукцыі. Таму цяпер згодна з пастановай Саўміна ад 2016 году вяскоўцы, якія гадуюць быкоў, кароў, коз і свіней, павінны зарэгістраваць жывёл у Цэнтры інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі.

Але многія не спяшаюцца з гэтым і таму баяцца паказваць гаспадарку і расказваць пра свае поспехі.

Каб маштабаваць бізнес, трэба афармляць фермерства

Ігар вядзе гаспадарку ўжо не адзін дзесятак гадоў. 40-гадовы жыхар вёскі Стайкі Івацэвіцкага раёну пачынаў з парніка каля дому. Пасля заняўся свінаводствам, цяпер гадуе быкоў. Набыў хутар каля Івацэвічаў, побач з вёскай Воля.

«Я даглядаю быкоў, маю яшчэ свіней. Спрабую заняцца развядзеннем курэй ды індыкоў. Праўда, мяса індыка дарагое, каштуе больш як дзесяць рублёў за кілаграм. Галоўная праблема працы ў вёсцы ў тым, што складана атрымаць зямлю. Усё занята. Каля майго хутара ёсць вялікія вёскі, дык там маладыя 30-гадовыя хлопцы ўсё пазаймалі», — кажа Ігар.

Алесь, 35-гадовы жыхар вёскі Воля Івацэвіцкага раёну, займаецца адначасова вырошчваннем гародніны і жывёлагадоўляй.

«У мяне агулам каля шасці гектараў зямлі. На адной частцы я вырошчваю агуркі. На другой — капусту, часнык, бульбу. Попыт на гародніну сёння высокі. Набываюць маю прадукцыю ў асноўным аптовыя гандляры на рынку», — кажа суразмоўца.

Ён бачыць у сельскай гаспадарцы перспектыву і перакананы, што вырошчваньне той жа бульбы «можа быць прыбытковым — усё залежыць ад маштабаў». Кажа, што плануе пашырыць сваю гаспадарку.

«Але тут некалькі праблемаў. Найперш, трэба рэгістравацца, бо пакуль працую на асабістай прысядзібнай гаспадарцы. А калі браць больш зямлі, то трэба афармляць фермерства. А гэта ўскладняе працу ў вёсцы, — кажа Алесь. — Трэба шмат папераў, з падаткамі трэба разбірацца, весці бухгалтарскі ўлік. І не факт, што ўдасца атрымаць яшчэ зямлі — вольных надзелаў зусім мала».

Паводле вяскоўца, каб зарабіць на зямлі, працаваць у сезон трэба ледзь не дваццаць гадзін на суткі.

«Вясною і летам я прачынаюся ледзь не а чацьвёртай ранку. Лічу, што сабраць ураджай — гэта толькі палова справы. З гародніны можна добра зарабіць, калі ўмела яе захаваць і прадаць зімою, калі цэны на гародніну вельмі вырастаюць. Капуста восенню каштуе 8 капеек, а зімою — 15. Сёлета ўраджай планую прадаваць вясной. Думаю, што атрымаю за капусту нават да 20 капеек за кілаграм. Але больш перспектыўная жывёлагадоўля», — кажа Алесь.

 

За аднаго быка — 1400 рублёў

Цялят на гадоўлю ў раёне ўсё больш актыўна набываюць «прыватнікі». Уклаўшы каля 3000 долараў у маладых быкоў, праз год можна выручыць ажно 6000 даляраў, кажа 30-гадовы жыхар Івацэвічаў Дзмітрый, які набыў хутар у целяханскай зоне і аформіў асабістую прысядзібную гаспадарку.

«Цяля праз дзевяць-дзесяць месяцаў гадавання вырастае да 300–400 кілаграмаў. За аднаго вялікага быка можна атрымаць на бойні каля 1300–1400 рублёў. Гэта выгадна, бо прыбытак, нават з улікам часу, інвеставання ў харчы для жывёл, выходзіць досыць вялікі. Вядома, цяпер, калі займаецца гэтым шмат людзей, прыбыткі змяншаюцца», — кажа Дзмітрый.

Сотка зямлі ў парніку — 1000 долараў выручкі

У сваю чаргу, 38-гадовы​ Сяргей, які мае ўчастак зямлі ў вёсцы Ёлкі Івацэвіцкага раёну, вырошчвае гародніну ў парніку.

Вясковец кажа, што рабіў цэлы сезон на Століншчыне — у парніках у альшанцаў. Прыглядаўся да працэсу, а потым вырашыў завесці аналагічную гаспадарку на сваім прысядзібным участку.

«У альшанцаў сотка зямлі ў парніку прыносіць каля 1000 долараў. У нас трохі меней. Але каля 700–800 долараў я атрымліваю. Вырошчваю ў асноўным агуркі і памідоры. Скажу так, што гэта неблагі бізнес нават», — кажа Сяргей.

Ён згадвае, што раней займаўся гандлем, і кажа, што стаўленне чыноўнікаў, раённага кіраўніцтва да тых, хто займаецца сельскай гаспадаркай, нашмат лагаднейшае, чым да гандляроў.

Згодна з дадзенымі Статыстычнага штогодніка па Брэсцкай вобласці, выпушчанага Нацстатам, у 2017 годзе агулам прыватныя сельскія гаспадаркі насельніцтва стварылі прадукцыі на 505 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Фермерскія ж гаспадаркі — на 116 мільярдаў.

Эксперт: развіццё дробных сельскіх гаспадарак — пачатак вялікай тэндэнцыі

Эканаміст Міхась Залескі выказвае думку, што развіццё прыватнай сельскай гаспадаркі ў асобным рэгіёне можа стаць пачаткам важнай тэндэнцыі.

Паводле экспэрта, цяпер на расійскім рынку сельскагаспадарчай вытворчасці ўсё большая канкурэнцыя з боку вытворцаў з Азіі, якія выцясняюць і буйных беларускіх вытворцаў. Але гэта не перашкаджае развіццю дробных гаспадарак, перакананы эканаміст.

«Папулярнасць дробных сельскіх гаспадарак абумоўленая тым, наколькі жыхары пэўнага рэгіёну здольныя працаўладкавацца. І была знойдзеная такая магчымасьць, якая можа распаўсюджвацца далей і шырэй, — кажа Міхась Залескі. — Такая з’ява можа быць абумоўленая і некаторымі лакальнымі акалічнасцямі, напрыклад, лаяльнай мясцовай адміністрацыяй. Можа, гэта звязана і з дэмаграфіяй раёну, перанаселенасцю, веравызнаннем».

Адметна, што нават паводле дзяржаўнай Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 году, якая была зацверджана напрыканцы снежня 2017-га, у 2015 годзе рэнтабельнасць працы фермераў складала 31,1%, у той час як у калгасах — толькі 0,6%.

Радыё Свабода

Читайте по теме:
Наводят порядок на фермах в Ивацевичском районе, где коровы стояли по колено в грязи. Видео

Ну нашто табе такі парнік?! Там жа натоўпам трэба працаваць! ВІДЭААДКАЗ

КОММЕНТАРИИ ( 0)

ОБСУДИТЬ

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

10 февраля 2018 21:55

Ивацевичский бюджет 2018: «план по штрафам» уменьшили значительно

Бюджет Ивацевичского района в этом году существенно вырос, в сравнении с 2017 годом. Главным образом рост планируется обеспечить за счёт налогов.

10 февраля 2018 10:36

В Ивацевичском районе не использовали средства в качестве субсидий для желающих открыть свое дело

Такая информация прозвучала на итоговой коллегии комитета по труду, занятости и социальной защите Брестского облисполкома.

22 января 2018 17:35 1

Кредиты на миллионы евро. Как государство намерено помочь ОАО «Ивацевичдрев»?

В соответствии с постановлением Совета Министров РБ от 18 января 2018 года №39, ряду предприятий деревообрабатывающей и целлюлозно-бумажной промышленности будет оказана государственная поддержка.

15 января 2018 17:41

На торги снова выставлены 99,7% уставного фонда ОАО «Квасевичская перо-пуховая фабрика»

Ивацевичский райисполком предлагает стать владельцем этого пакета акций через участие в конкурсе, который назначен на 16 февраля и пройдет в Ивацевичах.