SIGBEL

«Ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае». Ці маглі дактары ўратаваць выбітнага івацэвіцкага краязнаўцу?

18:14 20 июля 2018
ОБСУДИТЬ
Сваякі Алеся Зайкі лічаць, што ў яго быў шанец выжыць, калі б дапамогу аказалі своечасова. «Мы не багі», — кажуць дактары.

«З восьмай ранку канём можна было да таго Брэста давезці»

На пахаванне вясковага настаўніка Алеся Зайкі без прымусаў і запрашэнняў прыйшлі сотні чалавек. «Не было лепшага», — кажа ягоная вучаніца, прадавачка вясковай крамы ў вёсцы Заполле Кацярына.

«Мы пахавалі выбітнага чалавека», — напісаў на смерць Алеся Зайкі галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько.

Алесь Зайка мог зрабіць акадэмічную кар’еру і жыць у горадзе.

Але пасля Брэсцкага педынстытуту вярнуўся ў роднае Заполле, перавёз з Івацэвічаў зруб, паставіў хату і прадаў свой «Іж», каб выдаць кнігу пра родныя мясціны.

Удава Антаніна Іванаўна сустракае ў двары. З ёю Анатоль, пляменнік Алеся Фаміча. Ён ці не апошні са сваякоў бачыў дзядзьку ў Івацэвіцкай бальніцы за гадзіну да смерці.

«Зранку да восьмай гадзіны канём можна было да таго Брэста завезці», — кажа ён.

Хуткую мужу выклікалі каля восьмай гадзіны ранку 26 чэрвеня, кажа Антаніна Іванаўна. Ён скардзіўся на моцны боль. Яго адвезлі ў Івацэвіцкую раённую бальніцу.

Каля 11-й гадзіны жонка праз тэлефон пачула ягоную размову з доктарам, які казаў, што яму трэба тэрміновая аперацыя ў Брэсце.

Праз сваякоў у бальніцы даведаліся дыягназ — анэўрызма аорты. На пачатку трэцяй быў яшчэ адзін званок ад мужа.

«Патэлефанаваў, сказаў, дзе ляжаць грошы, якія ён на кніжку збіраў. Сказаў, якія кніжкі яшчэ выпусціць. І ўсё. Я стала ўгаворваць яго, што выйдзеш сам з бальніцы, будзеш сам выдаваць кніжкі, — кажа жанчына. — Сказаў, што зараз будуць рабіць аперацыю ўрачы з Брэста. Я ўпэўненая была, што яму робяць аперацыю, болей не тэлефанавала».

Аднак аперацыю Алесю Зайку не зрабілі.

«Не магу вам сказаць, што нешта было зроблена не ў час. Не таму, што я абараняю прафесійны гонар, а таму, што гэта грозная хвароба і мы не багі, — тлумачыць нам намеснік галоўнага ўрача па медычнай частцы Брэсцкай абласной бальніцы Вячаслаў Гаўрыленка. — Такія захворванні, як анеўрызма, вельмі грозныя. У вялікім працэнце выпадкаў сканчаюцца летальным вынікам».

Пляменнік Анатоль, які жыве ў суседняй з Заполлем вёсцы, згадвае, што трапіў да дзядзькі ў палату каля 17.20.

«Пабачыў, як ён круціцца, як той уюн на патэльні, — кажа мужчына. — Яму стала кепска. Кажа: „Схадзі, Толік, знайдзі вутку, каб мне выплюнуць гэта ўсё“. Я знайшоў санітарку, яна прынесла слоік. І яго пачало ванітаваць страўнікавым сокам. Ванітавала, а ён увесь час мне кажа: „Толік, ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае“», — распавядае Анатоль.

Па просьбе дзядзькі ён некалькі разоў звяртаўся на пост медсястры па абязбольвальныя, але атрымліваў адмову. Калі звярнуўся чарговы раз, пачуў: «Ды ён нас тут усіх дастаў!»

«Пасля сёмай званок, — працягвае Антаніна Іванаўна. — Званіў урач М., сказаў, што «ў мяне для вас нядобрыя навіны, мы спазніліся». Я кажу: «А што ж вы рабілі з адзінаццатай гадзіны да паловы восьмай, як ён памёр?!»

«Памылка адна — трэба было везьці адразу ў Брэст, — кажа Анатоль. — Я ўпэўнены, што давезлі б. Я хацеў бы сказаць усім дактарам, што ўсе мы людзі і ўсім трэба дапамагаць ад душы. Незалежна ад таго, начальнік ты, рабочы ці калгаснік просты. Больш нічога не магу сказаць».

Да Брэста 140 кіламетраў. Даехаць можна гадзіны за паўтары. Вячаслаў Гаўрыленка кажа, што па выкліках раённых бальніц з Брэста дактары выязджаюць па некалькі разоў на дзень. Зрабіць такую складаную аперацыю ў саміх Івацэвічах немагчыма.

«Па разліках заходніх спецыялістаў, каб нейкі від аперацыі выконваўся кваліфікавана, то павінны рабіцца 100–200 аперацый у год, — тлумачыць ён. — Калі раён сутыкаецца з імі тры разы ў год, ці нават 10 разоў у год, там не будзе спецыялістаў такога класу».

«Самае крыўднае, што чалавеку страшэнна балела. Ён вельмі быў цярплівы да болю, а тут проста прасіў, енчыў — баліць, ня ведаю, як вытрываць гэты боль», — бядуе Антаніна Іванаўна.

Івацэвіцкая раённая бальніца: «Усё было зроблена ў час»

Антаніна Іванаўна мяркуе, што мужу можна было паспрабаваць дапамагчы.

«Я хадзіла да ўрача, пыталася, чаму вы цягнулі, трэба было нешта рабіць. Памёр бы на аперацыйным стале, па дарозе. Але зрабілі б спробу ўратаваць. Я разумею, што гэта вельмі цяжкая хвароба, — кажа яна. — Ён мне сказаў, што дамовіліся спачатку на шэсць гадзін у Брэсце на тамограф (дыягнастычны апарат. — РС). А пасля ўжо паглядзелі, што не давязём, і выклікалі сюды брэсцкіх урачоў. У нас свайго тамографа няма».

Брэсцкія дактары прыбылі ўжо пасля смерці Алеся Зайкі.

Да Івацэвіцкай раённай бальніцы ад Заполля 15 хвілін на машыне. Галоўны доктар — Васіль Юзэфовіч — нарадзіўся ў суседняй з Заполлем вёсцы. Цяпер чарговы раз абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога савету дэпутатаў. Алеся Зайку ведаў асабіста, мае ягоныя кнігі з аўтографамі. У дзень, калі Зайка памёр, быў у адпачынку.

«Усё рабілася ў час. Толькі на пачатковым этапе не патрабавала аператыўнага ці экстранага ўмяшання. Калі наступіла пагаршэнне стану здароўя, пасля абеду стала пытанне, што ўзнікае пэўная праблема. Мы пасля 15.00 выклікалі санавіяцыю», — кажа галоўны доктар. Ён лічыць, што калі б Алеся Зайку адразу транспартавалі ў Брэст, «магла б бяда здарыцца проста ў дарозе».

«Прыехала б санавіяцыя на гадзіну раней, адназначна скажу, што нічога б яна не дапамагла, — кажа Юзэфовіч. — Такая хвароба і так яна працякала, што складана блізкім паверыць, што ранкам бачыў у поўным здароўі і бадзёрага чалавека, а пры канцы дня ўзнікае такое. Так бывае, на жаль».

Васіль Юзэфовіч кажа, што на ўзроўні раённай бальніцы дэталёва высветліць стан хворага ў такіх абставінах немагчыма.

«У нас была планавая дамоўленасць пра перавод яго на 18.00 на абследаванне ў Брэст. Да чаго мы ішлі. Але ў выніку пагаршэння атрымалася як атрымалася», — кажа ён і дадае, што прэтэнзій да лечачых урачоў у выпадку Алеся Зайкі ў яго няма.

«Што тычыцца сярэдняга медперсаналу, усе пытанні этычнага плану ў нас знаходзяцца на кантролі, — кажа галоўны доктар. — У нас штомесяц ёсць сястрынскія канферэнцыі, і з малодшым персаналам. Так, людзей трэба вучыць. Можа, штосці і было кінута. Сёння гэта кардынальна ані на што не паўплывала».

Антаніна Іванаўна вельмі шкадуе, што не паспела развітацца з мужам. «Калі ўжо разумелі, што такая аперацыя, што не выратуеш ужо, то чаго мне не сказалі, я б паехала апошнія хвіліны з ім пабыла, упрасіла б гэтага абязбольвальнага, — плача яна. — Не хачу дактароў вінаваціць. Проста хочацца, каб у апошнія хвіліны чалавек так ня мучыўся».

«Проста люблю людзей»

«У бальніцу ішоў, яшчэ набраў з сабой тэчку і аркушыкаў. Казаў: „О, будуць людзі са мной у палаце ляжаць, я буду запісваць ад іх“, — плача Антаніна Іванаўна. — Кожнае слоўца запісваў. З ручкай і з папераю не развітваўся».

«Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», унікальны зборнік мясцовых прыказак, прымавак, жартаў — усё гэта кнігі Алеся Зайкі. На дадатак да навуковых выданняў — яшчэ дзве кнігі прозы.

12 жніўня яму мелася споўніцца 70 гадоў. У дзень ягонай смерці, піша Зміцер Санько, падпісалі ў друк ягоную «Мікратапаніміку». Зайка дзесяцігоддзямі збіраў ад землякоў назвы лясоў, балот, лугоў і дарог. Баяўся, што з адыходам старых жыхароў гэтыя словы, а з імі і гісторыя гэтых мясцін, знікнуць назаўжды.

«Усё прападае, — нібыта паўтарае словы мужа Антаніна Іванаўна. — Я ўжо сама не памятаю таго, што памятала мая маці і мая бабуля. А дзеці нашыя яшчэ менш памятаюць. Таму ён усё запісваў, каб не згубілася. Па ўсім раёне ездзіў. У яго ў кожнай вёсцы быў свой карэспандэнт».

Што рабіць цяпер з велізарным архівам мужа, Антаніна Іванаўна ня ведае. Кажа, што сама з ягонымі скарбамі не разбярэцца да канца жыцця.

«Цэлы сшытак запісаны песень, — паказвае яна рукапісы. Кажа, што ў архіве сотні фатаздымкаў розных гадоў. — Кнігу ўспамінаў бацькі напісаў, яна поўнасцю падрыхтаваная да выдання. Падрыхтаваны „Тэматычны слоўнік Косаўшчыны: грыбы, кветкі, дрэвы“. Слоўнік геаграфічных тэрмінаў амаль гатовы». Вось апошні раз як званіў, ён прасіў выдаць гэтыя тры кнігі».

Даследчыкі кажуць пра высокі навуковы ўзровень выданняў, падрыхтаваных Алесем Зайкам. Антаніна Іванаўна распавядае, як муж працаваў у архівах у Львове, Брэсце, Мінску. Пра тое, што не зрабіў вялікай кар’еры, ані разу не шкадаваў.

«Ён казаў: „І што, скончыў бы я аспірантуру, быў бы выкладчыкам ва ўніверсітэце. І яны больш зрабілі, чым я? Не!“ — адказваў ён сам сабе. Але паслядоўніка, колькі ні шукаў, не знайшоў».

«Сёння ўсе дзяўчаты ў медыцынскі, а хлопцы на праграміста. Можа знойдзецца хто яшчэ, каб перадаць усё гэтае багацце — і кніжкі, і архіў», — спадзяецца Антаніна Іванаўна.

Пахавалі Алеся Зайку ў суседніх Бялавічах. Калісьці ён вярнуў гэтай вёсцы імя іншага знакамітага ўраджэнца — доктара і краязнаўцы Міхаіла Гамаліцкага (1791–1861), які адным з першых рабіў эксперыменты па пераліванні крыві.

«Так шмат людзей было на пахаванні, машыны ехалі і ехалі, сотні людзей, — кажа Антаніна Іванаўна. — Вельмі многа планаў было, вельмі многа чаго хацеў зрабіць, многа пачаў. Хто цяпер гэта ўсё будзе рабіць… Можа трошкі ўляжацца, трошкі боль пройдзе, і я вазьмуся, бо паабяцала, што зраблю хоць тое, што ўжо амаль гатовае».

Пад навіной пра смерць Алеся Зайкі хтосьці з каментатараў напісаў: «Ён проста адпрацоўваў свой заробак», кажа Антаніна Іванаўна. Яе гэта моцна пакрыўдзіла.

«Ніхто яму аніякага заробку за гэта не плаціў, — кажа яна. — Што ад пенсіі адкладзе, яшчэ пару гадзін у школе вёў. Былі ў нас плугі, бароны да трактара. Ён на адну кніжку гэта прадаў. Пасля быў у нас матацыкл „Іж“, амаль новы. Ён яго прадаў на кніжку. Адну кніжку, „Паселішчы Івацэвіччыны“, райвыканкам выдаў. Яшчэ прасіў: „Тоня, не гавары нікому, што я за свае гэта ўсё выдаю. А то скажуць: дурны нейкі“».

Што рухала гэтым чалавекам? «Проста любоў, — кажа Антаніна Іванаўна. — Усё гэта на энтузіязме, настолькі любіў гэта ўсё сваё. Кажа: «Я люблю людзей. Люблю, як яны расказваюць, як яны гавораць».

Выданне кніг, збор матэрыялаў, святкаванне юбілею, свята вёскі, — пералічае Антаніна Зайка планы свайго мужа.

«Зараз нічога ўжо не адзначым, — кажа яна. — Для мяне гэта самае страшнае, што з такімі болямі паміраў. Сёння ж ёсць розныя лекі, можна абязболіць. У нас бальніца някепская, новая, і абсталяванне. Але не робяць такіх аперацый. Ляжаў і чакаў, пакуль памрэ».

Радыё Свабода

Чытайце таксама:

Памёр Алесь Зайка, краязнавец з Заполля Івацэвіцкага раёну, які навучыў правільна казаць «Марачоўшчына»

Пра развітанне:

«Ён служыў свайму краю, свайму народу»: у Заполлі развіталіся з краязнаўцам Алесем Зайкам

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

КОММЕНТАРИИ ( 0)

ОБСУДИТЬ

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

06 ноября 2018 20:32

Певец Виктор Калина обматерил пинского инвалида, который просил бесплатный билет на концерт. Аудио

24-летний Артем Лавренко из Пинска — инвалид первой группы (копия свидетельства об инвалидности имеется в редакции "Нашай Нівы"). Накануне концерта Виктора Калины в Пинске Артем обратился в социальных сетях к певцу с просьбой оставить ему два пригласительных на концерт.

17 октября 2018 21:34

«Сидеть не хотелось бы». Прокурор запросила 5 лет с конфискацией для экс-гендиректора «Ивацевичдрева»

Брестский областной суд продолжает рассматривать уголовное дело по обвинению бывшего гендиректора ОАО «Ивацевичдрев» Владимира Шульги в злоупотреблении служебными полномочиями.

27 сентября 2018 19:41

Тры жанчыны з Івацэвіцкага раёну узнагароджаны ордэнам Маці

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 387 ад 24.09.2018 г. за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей ордэнам Маці ўзнагароджаны 3 жыхаркі Івацэвіцкага раёну.

24 сентября 2018 22:01

«Священные черви из Иерусалима»: приключения лжесвященника «отца Александра» из Ивацевичского района

Задержанный милицией 49-летний мужчина, представлявшийся священником и таким образом завладевавший деньгами граждан - уроженец деревни Добромысль Ивацевичского района. Это уже не первое задержание "отца Александра", у него за плечами значительный "багаж" авантюр, о которых впору снимать голивудский фильм. О похождениях батюшки-самозванца расказали "Першаму Рэгіёну" его знакомые.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: