• Доллар 2.1159
  • Евро 2.3409
  • Рос. рубль 3.3194

Івацэвіцкі журналіст праверыў на сабе, як працуе салёны ад поту агурковы бізнес

17:30 23 августа 2018
Жыхар Івацэвічаў Сяргей Скулавец паспрабаваў сёлета зарабіць на агурках і пад канец сезону расказаў, што ў яго атрымалася. Цягам сезону Сяргей вёў свой «агурковы відэаблог».

Калі раней вялізныя парнікі былі адметнасцю «агурковай сталіцы» Палесся — мястэчка Альшаны Столінскага раёну, то цяпер сотні квадратных метраў зямель пад плёнкай можна ўбачыць у многіх вёсках на поўдні і захадзе Беларусі.

Вырошчванне агуркоў і іншай гародніны на продаж стала для многіх актыўных беларусаў першым бізнес-праектам. Асабліва гэта актуальна ў невялікіх гарадах і вёсках, дзе працы мала, а заробкі мізэрныя.

З чаго пачынаць? З зямельнай дзялянкі

У спадчыну ад бацькоў у вёсцы мне застаўся дом з вялікім прысядзібным участкам. На гэтым участку я і вырашыў пабудаваць парнік і паспрабаваць на ім зарабіць.

Будаваць парнік я пачаў задоўга да сезону. Яшчэ летась у лістападзе выпісаў дзялянку ў лясгасе, спілаваў там каля 12 кубоў дрэваў. Тады здавалася, што гэтага будзе досыць.

Але драўніны хапіла толькі на слупы і на чвэрць арматуры парніка. Даўжыня майго парніка склала 100 метраў, а шырыня — каля 10 метраў.

На самым пачатку працаваць спяшаўся, бо зіма магла прыпыніць будаўніцтва. Праўда, з надвор’ем пашанцавала, маразоў амаль да лютага практычна не было. Таму фактычна да пачатку сезону самастойна, зусім без анічыёй дапамогі зрабіў каркас парніка.

Калі напачатку падавалася, што пабудова будзе таннай, то ў выніку падлічыў, што на драўляны «шкілет» пайшло каля 700 долараў, што для раённага цэнтру і вёскі нямала.

Эканомія пагражае правалам

Наступным этапам стала пакрыццё парніка плёнкай і высаджванне расады.

Плёнка абавязкова мусіць быць з ультрафіялетавым стабілізатарам. На рынку сёння шмат прапановаў, але калі набыць неякасную, то яна пратрымаецца хіба некалькі месяцаў і ўся праца можа стаць марнай. Вось толькі калі я набываў самую танную плёнку, гэтага не ведаў. Апроч таго, гандляр запэўніваў, што яна парніковая, трывалая. Але што гэта не так, я пераканаўся праз некалькі месяцаў.

Прыкладна такая ж сітуацыя з насеннем. Гандляры прапаноўваюць агароднікам безліч гатункаў. Апынуўшыя перад складаным выбарам, я вырашыў паехаць у Альшаны і там паразмаўляць з людзьмі, якія маюць агурковы досвед.

У выніку набытае мною насенне гатункаў «Чайкоўскі» і «Амур» выявілася зусім неблагім. Цяпер я магу патэнцыйным агурочнікам рэкамендаваць сканцэнтравацца на гатунках-гібрыдах, якія вывелі каля дзесяці гадоў таму. Калі найноўшыя гатункі патрабуюць пільнейшага дагляду і пастаяннага жыўлення ў выглядзе мінеральных угнаенняў, старэйшыя не такія патрабавальныя, хаця і не такія ўстойлівыя да хваробаў.

Зімовы пачатак агурковага сезону

Кволыя маладыя агуркі ў пачатку сакавіка

Насенне ўзышло даволі хутка. У гэты ж час я канчаткова «апрануў» у плёнку ўвесь парнік. Рабіў практычна ўсё сам, толькі невялікую частку працы дапамаглі зрабіць знаёмыя. І літаральна праз месяц, у пачатку красавіка маладыя агуркі перасадзіў у глебу.

Здавалася, зараз будзе прасцей. Але я моцна памыляўся. Высілкаў парнік будзе вымагаць нагэтулькі ж болей, наколькі падрастаюць расьліны. І толькі калі кусты вырастуць — стане прасцей.

Печкі звычайныя і бубафоні

Ацяпленне — самы складаны перыяд для парніка. Усю вясну штоночы без выключэння парнік трэба абаграваць.

Печка бубафоня ў парніку

Я ведаў, што неабходна нарыхтаваць вялізную колькасць дроваў. Але выніковыя аб’ёмы мяне моцна здзівілі. Напрыклад, для ацяплення вясковага дому зімой дастаткова каля 10 кубоў драўніны. А для вырошчвання агуркоў у парніку — з улікам ацяплення расадніку ў сакавіку і да мая — мне спатрэбілася каля 30-40 кубоў. Гэта сем вялізных прычэпаў дроваў. Мінімальная тэмпература ў парніку ўначы павінна быць каля 17 градусаў. Калі ж за тонкай плёнкай ноччу ўсяго 4–7 градусаў цяпла альбо наагул мароз, то гэта задача ня з простых.

З самага пачатку я паставіў вялізныя металічныя печы, звараныя з тоўстага жалеза.

Рассада праз два тыдні пасля высадкі насення

Але праз кожныя дзве-тры гадзіны ў гэтыя печы трэба было падкідваць дровы. Пры такім рэжыме ўжо праз тыдзень зразумеў, што вытрымаць без дапамогі і без наступстваў для здароўя практычна немагчыма. На вочы трапіліся інжынерныя рашэнні, якія знайшоў у інтэрнэце. Так званыя печкі «бубафоні» — самаробныя цыліндрычныя печкі доўгага гарэння.

Я зрабіў гэтыя печы і сапраўды пераканаўся, што гараць яны больш за палову сутак, пры гэтым спажыванне дроваў зменшылася, а каэфіцыент карыснага дзеяння выявіўся нашмат большы. А самае галоўнае — змог начамі адпачываць. Праўда, «бубафоні» могуць быць і небяспечныя. Некалькі разоў дым з такой печкі выходзіў наўпрост у парнік. Таму кантраляваць патрэбна ўсякую печку.

Першыя памылкі і страты

Выявілася, што плёнка, якой быў накрыты мой парнік, не мае ўльтрафіялетавага стабілізатара. Таму пад сонцам яна пачала рабіцца непрыдатнаю ўжо праз паўтара месяца.

Моцная бура напрыканцы красавіка цалкам знішчыла дах парніка.

Упершыню за некалькі месяцаў я звярнуўся па дапамогу да месцічаў, якія зарабляюць падпрацоўкамі. За тыдзень палову парніка ўдалося аднавіць, але большая частка раслін усё ж загінула. Працавалі мы з рання да позняй ночы.

Памочнікі ўцяклі

Мая катэгарычнасць і патрабавальнасць у выніку напалохала і адштурхнула людзей.

Нягледзячы на тое, што абяцаў добры заробак, яны да мяне на працу праз некаторы час перасталі прыходзіць. Прыходзілася далей рабіць усё самому. Праз нервы і неверагодна цяжкую працу я схуднеў болей чым на 10 кілаграмаў.

 

Часам узнікала жаданне кінуць справу, але ўсё ж з кожным днём станавілася ўсё больш шкада высілкаў, часу і грошай. Таму ў сярэдзіне мая набыў новую якасную плёнку і насенне агуркоў.

Першыя агуркі, да заробку далёка

Нягледзячы на праблемы і складанасці, у пачатку мая я пачаў збіраць у парніку першыя агуркі. Цэны і попыт на гародніну ў гэты час былі высокія.

Асаблівых праблемаў прадаць на рынку гародніну не было. Людзі ахвотна набывалі агуркі нават па два рублі за кілаграм. Іншая рэч, што з кустоў, якія ў мяне засталіся, я выбіраў усяго 10-15 кілаграмаў.

Агурковая інфляцыя

Пазней, у чэрвені, цэны пачалі імкліва падаць. Гандляроў на рынку з кожным днём станавілася ўсё болей. У выніку гандляваць асабіста стала проста нявыгадна. Прыйшлося сваю гародніну везці на нарыхтоўчыя базы альбо ў раённае спажывецкае таварыства. Праўда, прымалі агуркі гуртавікі за смешную цану. Мінімальна мне пэўны час плацілі ў спажывецкім таварыстве 20 капеек за кілаграм.

А ў адзін тыдзень прыём наагул спынілі. Знаёмыя распавялі, што расійскія пакупнікі, якія звычайна набываюць гародніну ў палешукоў, не змаглі патрапіць у Столінскі раён. Нібыта грузавікі з Расіі перанакіроўвалі з ініцыятывы чыноўнікаў на дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы пад Мінскам. У выніку прадукцыя з Альшанаў паступае на ўнутраны рынак. А такой велізарнай колькасці гародніны нарыхтоўнікі не даюць рады. Таму кошты абвальваюцца.

Праўда, сітуацыя досыць хутка змянялася, паколькі забароны праз некалькі дзён здымалі, адпаведна цэны і попыт на агуркі раслі.

Пік сезону

З ліпеня беларусы масава пычанаюць кансерваваць агуркі на зіму. Для кансерваў людзям патрэбна прынамсі па 20 кілаграмаў агуркоў. Сёння многія, асабліва вяскоўцы, кансервуюць на зіму каля 40-50 кілаграмаў агуркоў.

У гэты час у парніку кожная выбарка прыносіла каля 80 кілаграмаў агуркоў.

І прадаць гэтулькі не было складана. Часам людзі альбо прыватныя ці дзяржаўныя гуртавікі тэлефанавалі і прасілі болей гародніны. Разам з тым і цэны раслі. Гуртовая цана на агурок скаладала 50 капеек за кілаграм, пры раздробным гандлі каля 70-80 капеек. Штодзень я зарабляў па 40 рублёў. Калі б з самага пачатку мой парнік быў накрыты якаснай плёнкай, штодзённы заробак быў бы ў пяць разоў вышэйшы.

Агурковыя хваробы

На пачатку ліпеня, калі прырода толькі спрыяе росту агуркоў, з’яўляюцца і першыя хваробы гэтай расліны. Паразітаў, што знішчаюць агуркі, не так і шмат. Гэта павуцінны клешч, мучністая раса. Але праблема ў тым, што цалкам пазбавіцца іх немагчыма.

Хімічныя прэпараты і народныя спосабы даюць магчымасць толькі адцягнуць канчатковае высыханне кустоў. Але гэта не значыць, што сезон ужо закончыўся. У гэты час у другой палове парніка, які быў толькі нядаўна накрыты якаснай плёнкай, я высадзіў насенне агуркоў новага ўраджаю.

У выніку ў сярэдзіне жніўня ў парніку надалей маю агуркі. Што адметна, цэны на гародніну цяпер прыкладна на ўзроўні мая. А прыродныя ўмовы дазваляюць сёння вырошчваць агуркі ў парніку ажно да лістапада.

Што зарабіў на агурках

У выніку мой заробак у парніку ў гэтым сезоне аказаўся фактычна нулявым, а то і адмоўным, бо атрыманыя за агародніну грошы не пакрываюць выдаткаў на яе вырошчванне.

Агулам на пабудову парніка, на печы, насенне, драўніну і іншае было выдаткавана каля 2000 долараў. А прыбытак на сёння склаў не больш за 1500. Але наперадзе яшчэ два месяцы росту агуркоў, таму спадзяюся, што хоць і невялікі, але заробак усё ж будзе. Мяркую, што пры ўмелым падыходзе за сезон зарабіць на парніку плошчай каля 10 сотак можна не адну тысячу долараў.

А як з падаткамі?

Дзейнае заканадаўства досыць лагоднае да тых, хто займаецца асабістай прысядзібнай гаспадаркай. Пры неабходнасці ў сельсаветах цяпер не праблема атрымаць дадатковы надзел зямлі. Галоўнае — своечасова аплочваць падатак на зямлю.

Але пры гэтым гаспадару на зямлі, які працуе на сябе, разлічваць на якую-кольвек іншую дапамогу з боку дзяржавы не варта. З іншага боку, і асаблівага ўмяшання таксама няма. Уласнікі асабістай прысядзібнай гаспадаркі павінны плаціць падаткі, калі прыбытак за год у іх складзе каля 18 тысяч рублёў. Таму агурочнік плоціць толькі падатак на зямлю пад парніком.

За ўвесь сезон мне прыйшлося толькі аднойчы звярнуцца да кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкаму з просьбай паспрыяць, як і прадпісвае Грамадзянскі кодэкс, развіццю гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што першы намеснік старшыні райвыканкаму абяцаў патэлефанаваць і пасадзейнічаць, ніхто цягам двух месяцаў да мяне так і не адазваўся.

Галоўныя высновы і парады

У наступным сезоне адназначна планую працягнуць працу ў парніку. Прычым цяпер маю здабыты цяжкім потам досвед, як і што, у які перыяд вырошчваць у парніку. Тым, хто толькі пачынае займацца гэтым бізнесам, трэба ведаць, што працаваць прыйдзецца вельмі шмат. Справа гэта складаная, адказная. Але пры гэтым парнік памерам каля 10 сотак можна абслугоўваць і даглядаць без асаблівай дапамогі самастойна. Тэхналогія вырошчвання агуркоў падрабязна апісаная, таму проста трэба шмат чытаць пра гэтую культуру.

Веды трэба падмацоўваць і практычнымі парадамі калегаў. Калі ў рэгіёне ёсць гаспадары, якія займаюцца вырошчваннем агуркоў у парніках ужо не першы год, яны ахвотна падзеляцца сваім досведам. Звычайна тыя, хто працуе на зямлі, глядзяць на суседа не як на канкурэнта, але як на калегу. А ведаючы на практыцы, колькі высілкаў і сродкаў патрэбна для такой дзейнасці, гаспадары ставяцца да сваіх калегаў з глыбокай пашанай.

Радыё Свабода

Чытайце таксама:

Ну нашто табе такі парнік?! Там жа натоўпам трэба працаваць! ВІДЭААДКАЗ

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

06 ноября 2019 12:31

Новый цех по производству пластиковых лыж открылся в Телеханах

Уникальное производство создано в этом городском поселке в Ивацевичском районе по поручению президента Беларуси фактически за год.

29 октября 2019 09:52

С аукциона проданы три бывших военных объекта в Ивацевичском районе

Комплексы хранилищ для техники расположены на территории Вольковского сельсовета и безуспешно выставлялись на торги в течение пяти лет.

08 августа 2019 15:20

Почему зеленые поля жали под Телеханами? Агроном: “Не много таких участков”. ФОТО

Брестская область приблизилась к финишу уборочной кампании, сообщил сегодня журналистам председатель Совета Республики Национального собрания Михаил Мясникович. Средняя урожайность по области составляет 35,7 ц/га. В распоряжении редакции "Першага Рэгіёну" имеются фото и видео, какие поля убирали под Телеханами.

12 июля 2019 17:24

В одном из хозяйств Ивацевичского района поломанные комбайны числились как исправные

Комитет государственного контроля провел мониторинг подготовки к уборочной кампании в 80 сельскохозяйственных организациях Беларуси.